ГАЛА́НДСКАЯ ПАРО́ДА буйной рагатай жывёлы. Малочнага кірунку. Выведзена ў Нідэрландах у выніку працяглага паляпшэння мясц. жывёлы шляхам інбрыдзінгу і селекцыйнага адбору. Атрымала сусв. прызнанне за высокія паказчыкі малочнай і мясной прадукцыйнасці, прыстасаванасці да розных прыродна-клімат. і тэхнал. умоў. Гадуюць у многіх краінах Еўропы, дзе створаны роднасныя ёй пароды (найлепшая — галштына-фрызская жывёла ў ЗША; сярэднегадавы надой да 10 т малака). На Беларусі быкоў-вытворнікаў галандскай пароды выкарыстоўваюць у скрыжаваннях для паляпшэння гасп. якасцей і экстэр’еру чорна-пярэстай пароды.

Жывёла з моцнай канстытуцыяй, прапарцыянальным тулавам, добра развітой мускулатурай і вымем. Масць чорна-пярэстая. Жывая маса нованароджаных цялят 33—45 кг, дарослых кароў 550—600 і быкоў 800—1000 кг. Надой кароў за лактацыю складае 5700—6000 кг малака (4—4,2% тлушчу).

т. 4, с. 450

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)